Бацька пісьменніцы Бенедыкт Паўлоўскі карыстаўся гербам Корвін і паходзіў з Кіеўскай вобласці. Там знаходзіўся радавы маёнтак Паўлаўка. Ён быў сур’ёзным і ўраўнаважаным, закаханым у юрыдычныя і філасофскія кнігі.
Пераехаўшы ў Літву, Бенедыкт Паўлоўскі стаў адвакатам гарадскога суда ў Слоніме, а потым займаў розныя юрыдычныя пасады ў Гродне. Яго ўсюды паважалі. Ён ажаніўся на багатай шляхцянцы Тэрэзе Бажэнцкай. Пасля яе смерці Бенедыкт Паўлоўскі стаў гаспадаром прыгожага маёнтка Мількаўшчына.
У 1837 годзе Бенедыкт Паўлоўскі ажаніўся на Францішцы Каменскай, дачцы былога лейтэнанта гвардыі Яго Імператарскай Вялікасці Вінцэнта Каменскага, уладальніка маёнтка Міхайлаўка каля Мастоў. Ад гэтага шлюбу ў 1938 годзе нарадзілася дачка Клемянціна, а праз тры гады, 25 мая (6 чэрвеня па новым стылі) 1841 г. – другая дачка Эльжбета (Эліза Ажэшка).
Бенедыкт Паўлоўскі быў вальнадумцам і належаў да аднаго з масонскіх ложаў у Літве. У 1818 г. Бенедыкт Паўлоўскі быў чаляднікам, а ў 1819 г. гаспадаром гродзенскага ложа “Сябры чалавецтва”. У 1820 г. бацька Элізы Ажэшкі працаваў адвакатам Гродзенскага Генеральнага суда, быў актыўным членам ложы “Школа Сакрата”.
28 лістапада 1843 г. Бенедыкт Паўлоўскі раптоўна памёр ад “паралічу”. Эліза Ажэшка прыпісала свайму бацьку значны ўплыў на яе жыццё і фарміраванне асноўных рыс уласнай асобы. Пасля смерці Бенедыкта Паўлоўскага засталася багатая бібліятэка з некалькіх тысячаў прац, пераважна навуковых, і калекцыя карцін, якая складалася з больш за сто палотнаў, некаторыя з якіх мелі высокую мастацкую каштоўнасць.
Пахаваны на могілках ў Залесна, недалёка ад Мількаўшчыны.