Францішка была адзінай дачкой былога лейтэнанта гвардыі Яго Імператарскай Вялікасці Вінцэнта Каменьскага, уладальніка маёнтка Міхайлаўка і Эльжбеты Каменьскай (Кашубскай).
Будучы жонкай Бенедыкта Паўлоўскага, нарадзіла дачок Клеменціну і Элізу. Размаўляла з дачкамі толькі па-французску, вучыла Клеменціну граць на фартэпіяне. Яна была вельмі прыгожай і свецкай асобай. Але Эліза ніколі не адчувала сябе цалкам спакойна ў прысутнасці маці. Па словах самой пісьменніцы, яе маці “наогул была даволі дэспатычнай”, на працягу ўсяго жыцця вельмі высакародна-польскай патрыёткай. Не была маці ў захапленні ад першых пробаў пяра маленькай Элізы. Толькі у апошнія гады жыцця маці адносіны паміж ёй і дачкой крыху пацяплелі і Францішка Паўлоўская паволі змірылася з літаратурнай дзейнасцю дачкі.
Францішка Паўлоўская аўдавела вельмі маладой і у 1849 годзе выйшла замуж за памешчыка Канстантына Відацкага, ад якога нарадзіла сына Яна.
Пахавана ў Гродне на каталіцкіх могілках.